ХАСА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1938,

баявыя дзеянні паміж сав. і яп. войскамі ў раёне воз. Хасан (Прыморскі край, Расія, каля граніцы з Кітаем і Карэяй) 29.7—11.8.1938. Справакаваны яп. бокам. У канцы 1936 яп. ўрад падпісаў «Антыкамінтэрнаўскі пакт» з фаш. Германіяй і распрацаваў план «Оцу», які прадугледжваў акупацыю сав. Прымор’я. 15.7.1938 павераны ў справах Японіі ў Маскве патрабаваў вывесці сав. войскі з вышынь на З ад воз. Хасан. Сав. ўрад дакументальна пацвердзіў, што, паводле дадатку да Хуньчуньскага пагаднення ад 26.6.1886, гэта тэр. належыць Расіі, значыць, — СССР. Аднак у ноч на 29.7.1938 яп. войскі перайшлі граніцу і захапілі вышыню Безыменная. Сав. пагранічнікі і стралк. рота адкінулі ворага на тэр. Маньчжурыі (акупіравана Японіяй у 1931). 31.7.1938 яп. войскі большымі сіламі перайшлі граніцу і захапілі вышыні Безыменная і Заазерная. 6.8.1938 сав. войскі (каманд. камандарм 2-га рангу Р.​М.​Штэрн, каардынатар дзеянняў Маршал Сав. Саюза В.К.Блюхер) пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі пачалі наступленне і да 9.8.1938 вызвалілі гэтую тэрыторыю. Баявыя дзеянні спынены 11.8.1938. За мужнасць 26 удзельнікам баёў прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. беларусу А.С.Благавешчанскаму; сярод адзначаных інш. ўзнагародамі беларусы і ўраджэнцы Беларусі А.Р.Бацюня, А.Р.Галдовіч, Ф.А.Крыловіч, І.М.Мілавідаў, П.А.Пілютаў, М.Л.Аляксееў і інш.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 2. М., 1974;

Ежаков В.И. Герои Хасана. М., 1969;

Стрюченко И.Г. Об историографии хасанских событий 1938 г. // История СССР. 1990. № 5;

Катунцев В., Коц И. Инцидент: Подоплека хасанских событий // Родина. 1991. № 6/7.

Г.​Дз.​Бабусенка.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)